сукупнасць нябесных цел, якія рухаюцца ў вобласці пераважнага ўздзеяння гравітацыйнага поля Сонца. Складаецца з цэнтр. цела — Сонца, 9 вял. планет (Меркурый, Венера, Зямля, Марс, Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун, Плутон), больш за 60 спадарожнікаў планет, мноства малых планет (астэроідаў), камет, метэорных патокаў, міжпланетнага пылу і газу і інш. Больш за 99% масы С.с. складае маса Сонца.
С.с. знаходзіцца паблізу цэнтр. плоскасці Галактыкі на адлегласці каля 10 кпк ад яе цэнтра, лінейная скорасць вярчэння С.с. вакол яго 250—300 км/с. Разам з Сонцам рухаецца адносна бліжэйшых зорак у напрамку да сузор’я Геркулес са скорасцю 20 км/с. Вял. планеты рухаюцца вакол Сонца ў напрамку восевага вярчэння Сонца па эліптычных арбітах, у адным з фокусаў якіх знаходзіцца Сонца (самая выцягнутая арбіта ў Плутона, найб. блізкія да кругавых арбіты Венеры і Нептуна); плоскасці арбіт мала нахілены адна да адной і да сонечнага экватара. Планеты-гіганты маюць кольцы; у 7 планет ёсць спадарожнікі. Малыя планеты таксама абарачаюцца вакол Сонца ў тым жа напрамку; іх арбіты значна выцягнутыя і нахіленыя да плоскасці экліптыкі. Паміж арбітамі Марса і Юпітэра ёсць пояс астэроідаў, у які ўваходзяць тысячы малых планет; за арбітай Нептуна існуе астэроідны пояс Койпера, які складаецца з мноства малых ледзяных планет, падобных да Плутона. Некалькі мільярдаў камет складаюць сферычнае каметнае воблака Аорта (каля 50 тыс.а.а. ад Сонца). С.с. знаходзіцца ў магн. полі Сонца. Яе пранізвае сонечны вецер. Паходжанне і развіццё С.с. вывучае планетная касмагонія.
Літ.:
Солнечная система: Пер. с англ.М., 1978;
Альвен Х., Аррениус Г. Эволюция солнечной системы: Пер. с англ.М., 1979;